Родная мова як інструмент прафесіі: як будучыя маркетолагі Мінскага філіяла БТЭУПК святкавалі Дзень роднай мовы
21 лютага ў Беларусі адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Сёлета да святкавання далучыліся навучэнцы Мінскага філіяла Беларускага гандлёва-эканамічнага ўніверсітэта спажывецкай кааперацыі (БТЭУПК), якія здолелі не толькі ўшанаваць традыцыі, але і прадэманстраваць, як родная мова можа стаць часткай іх будучай прафесіі — маркетынгу.
Будучыя маркетолагі падышлі да свята творча і практычна. У мерапрыемствах былі задзейнічаны як навучэнцы другога курса, так і выпускнікі, якія паказалі ўзровень уладання беларускай мовай у спалучэнні з прафесійнымі кампетэнцыямі.
Група 21М атрымала нестандартнае заданне — распрацаваць лагатып і слоган для агульнабеларускага брэнда. Галоўнай умовай стала не толькі крэатыўнасць, але і абарона сваіх праектаў на роднай мове. Будучыя маркетолагі прэзентавалі свае ідэі, спрабуючы стварыць вобраз, які б аб’ядноўваў нацыянальную ідэнтычнасць і сучасныя трэнды.
Тым часам іх калегі з групы 21МБ працавалі над больш складанымі шматузроўневымі задачамі - прадумвалі стратэгіі прасоўвання міжнародных брэндаў на беларускім рынку, выкарыстоўваючы для прэзентацый менавіта беларускую мову, але і распрацоўвалі канцэпцыі выхаду айчыннай прадукцыі на сусветную арэну. Асаблівая ўвага надавалася стварэнню пазнавальнасці беларускіх тавараў менавіта як нацыянальных, што з’яўляецца ключавым складнікам паспяховага экспарту.
Не засталіся ўбаку і выпускнікі. Яны падрыхтавалі кароткія відэаролікі і прынялі ўдзел у конкурсе рэлсаў «Беларускія сімвалы вачамі маладога беларуса». Іх творчыя работы былі прысвечаны культурным кодам і знакавым сімвалам краіны, пераасэнсаваным праз прызму маладога пакалення.
Адметнай асаблівасцю конкурсу стала магчымасць для ўсіх ахвотных прагаласаваць за відэа, што ператварыла мерапрыемства ў сапраўдны open - інтэрактыв.
Кульмінацыяй святочнага дня стала афармленне тэматычнага стэнда, над якім разам працавалі і навучэнцы, і іх выкладчыкі. Вынікам калектыўнай творчасці стаў не толькі візуальна прывабны куток, але і верш на роднай мове, складзены ўдзельнікамі проста падчас мерапрыемства. Гэта стала сімвалічным завяршэннем дня, паказаўшы, што беларускае слова жыве і развіваецца ў маладзёжным асяроддзі, знаходзячы сабе месца як у мастацтве, так і ў сур’ёзных прафесійных дыскусіях.
